РАЎНАПРА́ЎЕ ГРАМАДЗЯ́Н,
адзін з асноватворных прынцыпаў канстытуцыяналізму і дэмакратыі, які азначае афіцыйна прызнаную роўнасць грамадзян перад дзяржавай, законам, судом. Р.г. — гэта роўнасць правоў, свабод і абавязкаў грамадзян адной дзяржавы незалежна ад полу, расы, нацыянальнасці, мовы, паходжання, маёмаснага і службовага становішча, месца жыхарства, адносін да рэлігіі, перакананняў, прыналежнасці да грамадскіх аб’яднанняў і інш. Прынцып Р.г. устаноўлены ў эпоху бурж. рэвалюцый, змяніў саслоўныя адносіны ў феад. грамадстве. Канстытуцыйная дактрына сучасных дзяржаў прызнае магчымасць існавання некаторых адрозненняў у правах і абавязках грамадзян, якія маюць натуральны характар: напр., абавязак праходзіць ваен. службу ў большасці дзяржаў свету ўскладаецца толькі на грамадзян мужчынскага полу; асобыя канстытуц. правы з 2-й пал. 20 ст. сталі замацоўвацца за інвалідамі, дзецьмі, прадстаўнікамі нешматлікіх карэнных народаў і да т.п. У шэрагу дзяржаў прыроджаныя грамадзяне валодаюць больш шырокімі правамі, чым натуралізаваныя. Напр., у Беларусі, ЗША, Эстоніі, на Філіпінах прэзідэнтам дзяржавы можа быць толькі грамадзянін па нараджэнні; у Румыніі і Эстоніі натуралізаваныя грамадзяне, у адрозненне ад грамадзян па нараджэнні, могуць быць у шэрагу выпадкаў пазбаўлены грамадзянства. Р.г. замацавана ў раздз. II Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Г.А.Маслыка.
т. 13, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)